КІРШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧАНА-ЖВІРОВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Мінскім р-не, каля в. Кіршы. Лінзападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага ледавіка. Пясчана-жвіровы матэрыял шэры, месцамі гліністы, з лінзамі і праслоямі жвірыстых пяскоў і марэнных супескаў або з уключэннямі валуноў. Пяскі-адсевы пераважна буйна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 3,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,4—25 м, ускрышы (гліністыя пяскі, марэнныя супескі) 0,2—12 м. Жвір і пясок прыдатныя на выраб бетону і для буд. работ.

А.П.Шчураў.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)